У Старым Запавеце сустракаем слова “айцец”, дзе яно прымяняецца ў адносінах да Бога. Напрыклад: Айцец, які стварыў нас (Дрг 32,6; Мал 2,10), Айцец абранага народу (Зых 4,22), Айцец караля Ізраэля (2 Сам 7,14), Айцец і Абаронца сіротаў і ўдоваў (Пс 6867, 6). Але ў той час ніхто не мог мог назваць Бога Айцом у адносінах да самога сябе, бо святасць Створцы ўсяго сусвету настолькі перавышала чалавека, што пры спатканні з Ім тварам у твар чалавек павінен быў памерці (Суд 13,22; Зых 33,20). Нікому не дазвалялася таксама вымаўляць Святое Імя Божае (YAHWÉH), за выключэннем святароў падчас вялікіх урачыстасцяў.
На працягу вякоў габрэі стваралі дадатковыя запаведзі, якія падкрэслівалі недасягальную святасць Бога і вялікую грэшнасць чалавека. Але Езус Хрыстус праз сваё ўцелаўленне, смерць і змёртвыхпаўстанне ачысціў нас ад граху і ўсяго, што аддаляла нас ад нашага Створцы, даў нам годнасць быць дзецьмі Божымі, якія могуць бачыць твар Пана і без боязі звяртацца да Яго “Тата”.
У дадатак, ведаючы нашую слабасць і тое, што мы жывем яшчэ ў межах зямнога часу, Пан Бог штодзённа дае нам Духа свайго Святога, які робіць рэчаіснай ахвяру і заслугі Езуса Хрыста кожны раз, калі мы ўдзельнічаем у сакрамэнтах. Такім чынам, нават калі хтосьці з Ягоных дзяцей згубіць альбо адкіне дадзеную Ім годнасць, то будзе мець магчымасць вярнуцца да крыніцы гэтай ласкі (Лк 15, 11-32).
Чым ёсць мая вера: жывымі адносінамі з Міласэрным Айцом ці толькі выкананнем традыцый? (бр. Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь)
Поўны тэкст разважання можна прачытаць у прылажэнні "Каталіцкі малітоўнік", на сайтах catholicnews.by і mic-rosica.by, а таксама паслухаць на www.radiomaria.by.
Далучайцеся!!! Бясплатна спампаваць прылажэнне можна па спасылках https://play.google.com/store/apps/details?id=com.prayerbook.app
https://itunes.apple.com/us/app/malitounik-katalicki/id968085592?mt=8
Спасылка на чытанне дня http://mic-rosica.by/Chytanni/chytanni_dnya.php